Беларусь мая, родная, мілая, да цябе я заўсёды ляцеў…
Пад такой назвай 7 ліпеня 2018 года прайшлі Купалаўскія чытанні ў Ляўках, прысвечаныя да дня нараджэння беларускага паэта Янкі Купалы. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства сталі бібліятэкары Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
У кожнага народа ёсць паэты, веліч якіх узрастае ад пакалення да пакалення. У нас, беларусаў, – гэта Янка Купала!
Усе мы ведаем, што Янка Купала - славуты майстар паэтычнага слова. Сваімі творамі ён узняў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень і выявіў незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.



У дзень нараджэння Янкі Купалы бібліятэкары Карашкова Вікторыя, Шыдлоўская Настасся, Сіўцова Марына чыталі свае любімыя вершы, прысвечаныя прыгажосці роднай прыродзе і каханню да беларускага народа.



Потым сваімі вершамі парадавалі: вядомы пісьменнік, член ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Канстанцін Нілаў і аршанскія паэткі, удзельніцы Аршанскага літаратурнага аб'яднання “Дняпроўскія галасы” - Тамара Краеўская і Тамара Пруднікава.




Сустрэча праходзіла ў Год малой радзімы, і хацелася б адзначыць, што Янка Купала як ніхто шанаваў свой родны край, сваю Беларусь. Акрамя чытання вершаў, над Дняпром гучалі песні, як прызнанне паэту ў каханні да яго творчасці.



Да помніка Янкі Купалы ўсклалі кветкі, як знак пашаны і любові… І ўсім здавалася, што Янка Купала быў побач з намі, глядзеў на нас сваімі добрымі вачамі і ўсміхаўся сваёй непаўторнай усмешкай.
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі супрацоўнікі Купалаўскага музея ў Ляўках, якія запрасілі ўсіх гасцей на экскурсію ў музей.
Лукашова В., бібліятэкар Цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.