Дзяржаўная ўстанова культуры
«Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»
www.orshalib.by зав.Паштовы, д.2

Уваход

"Чалавек нараджаецца Зоркаю..."

chelovek naradzhayetstsa zorkayuУ дзіцячай бібліятэцы імя У. С. Караткевіча пачала дзейнічаць кніжная выстава “Чалавек нараджаецца зоркаю…” да 90-годзя з дня нараджэння славутага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Выстава прадстаўляе сабой некалькі раздзелаў, тэмы якіх пабуджаюць чытачоў рознага ўзросту к знаёмству з творчасцю знакамітага земляка.

 

Першы раздзел “Ён жыў Беларуссю” – раскрывае асобу пісьменніка, цікавыя старонкі яго біяграфіі, водгукі сяброў і калег пісьменніка аб яго творчасці. Чытача абавязкова зацікавяць кнігі  "Караткевіч: вядомы і невядомы”, “ “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” Д.Марціновіча, “Агульнае і адметнае” і іншыя. Дапаўняюць першы раздзел фотаздымкі, рукапісныя кнігі “Уладзіміру Караткевічу прысвячаецца…”, “Між Дняпром і крыкам жураўліным” і бібліяграфічны анатаваны спіс “З намі быў, знамі ёсць, з намі будзе”, падрыхтаваныя супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі да юбілею пісьменніка.

KaratkieviсSpis

Другі раздзел – “Унутраны свет” – звяртае ўвагу на збор твораў У. Караткевіча. Прадстаўлены два выданні: 8-мі томнік і  25-томнае выданне твораў пісьменніка. Свет пабачылі пакуль толькі 18 тамоў і першы CD-дыск з вершамі і песнямі ў выкананні Караткевіча. У  збор уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Збор твораў раскрывае Уладзіміра Караткевіча не толькі як пісьменніка, але і як мастака. Дзякуючы рукапісам з замалеўкамі пісьменніка можна адчуць унутраны свет аўтара, разглядзець яго творчую лабараторыю.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які пачаў пісаць у жанры гістарычнага дэтэктыву. Гістарычным творам прысвячаецца трэцці раздзел выставы “Мастацкія старонкі гісторыі”, які перадае дух мінулага, стварае мастацкі летапіс роднай зямлі. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Нельга забыць”. Асобае месца займае аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Кніжная выстава прапануе некалькі выданняў твора на розных мовах.

Чацьверты раздзел “Казка побач з намі”. Непаўторная мова, дасканалы стыль, а таксама любоў і прага да жыцця, усё гэта нясуць з сабой героі казак Уладзіміра Караткевіча. З першых радкоў захапляюць малых казкі “Жабкі і Чарапаха”, “Верабей, сава і птушыны суд”, “Вясна ўвосень”, “Чортаў скарб” і інш. А чытач дарослы, адкрывае для сябе новага Уладзіміра Сямёнавіча — геніяльнага пісьменніка-казачніка. Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі прапануюць не толькі прачытаць казкі знакамітага земляка, але і паглядзець.

Уладзімір Караткевіч быў аўтарам сцэнарыяў дакументальных фільмаў, па яго творах былі створаны мастацкія стужкі. Пісьменнік плённа супрацоўнічаў з кінематографам і тэатрам, ён жа напісаў лібрэта да оперы “Сівая легенда” і балета “Кастусь Каліноўскі”. Матэрыял аб гэтым таксама можна знайсці на выставе “Чалавек нараджаецца зоркаю…” да 90-годзя з дня нараджэння пісьменніка-земляка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя У. С. Караткевіча запрашаюць падрабязней азнаёміцца з кніжнай выставай жыхароў і гасцей Аршанскага краю.

Наведаць выставу можна да 1 снежня.

Відэагляд выставы

Бібліятэкар Н. У. Нароўская

Падзяліцца
Используя данный сайт, вы даете согласие на использование файлов cookie.
Отключить cookies Вы можете в настройках своего браузера. Подробнее...
Согласен