Спеўная струна адкрытай душы
25 лістапада, напярэдадні 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Лынькова, у Цэнтральнай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна прайшоў вечар-партрэт “Спеўная струна адкрытай душы”.
“Творы Міхася Лынькова даўно і па справядлівасці сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры, адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры…” Васіль Быкаў.


Вядучыя мерапрыемства Кацярына Лепешава і Валянціна Самонава пазнаёмілі вучняў 11“Б” і 8 “В” класа ДУА “Гімназія № 2 г. Орша” з жыццём і творчасцю пісьменніка, з героямі дзіцячых твораў “Міколка-паравоз”, “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, “Янка – парашутыст” і іх прыгодамі. Найбольшую цікавасць у прысутных выклікалі ваенныя апавяданні, пра мужнасць і гераізм, помсту і нянавісць да ворага “Васількі” і “Дзіцячы башмачок”. Вучні даведаліся пра гісторыю напісання апавяданняў, паглядзелі відэафільм.


Асаблівую атмасферу на мерапрыемстве стварылі выкладчыкі і вучні ДУА “Аршанская дзіцячая школа мастацтваў №1” Г. Смірнова, Д. Шашкова, П. Чарняўскі, падаравалі музычныя нумары і добры настрой.


Супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі была аформлена кніжная выстава “Шчодрае сэрца Міхася Лынькова” на якой прадстаўлены мастацкія творы, крытычныя артыкулы, фотаздымкі.

Бібліятэкар ААіІ Валянціна Самонава