Знакамітыя імёны Беларусі
5 верасня ў Бабініцкай сельскай бібліятэцы для вучняў пятых класаў ДУА «Бабініцкая сярэдняя школа Аршанскага района» быў праведзены гістарычны інфагід «Знакамітыя імёны Беларусі» да Дня беларускага пісьменства і 395-годдзя з часу заснавання Куцеенскай друкарні.
Для кожнага жыхара Беларусі першы тыдзень верасня асаблівы, святочны. У гэты час, пачынаючы з 1994 года, наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства і друку. Гэты дзень стаў нацыянальным святам беларусаў, якія з вялікай павагай ставяцца да роднага слова, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры.

Юныя чытачы зрабілі цікавае падарожжа ў гісторыю беларускага пісьменства і друку, даведаліся шмат цікавага пра жыццё і дзейнасць вядомых беларускіх асветнікаў: Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага. А пра нашага земляка, вядомага асветніка і кнігадрукара Спірыдона Собаля, навучэнцы даведаліся, прагледзеўшы пазнавальны відэаролік. Замацаваць асноўныя паняцці па гісторыі беларускага пісьменства і друку вучням дапамагла гульня “Складзі слова”.



Пасля гэтага дзецям было прапанавана ўявіць сябе друкарамі. Юныя эрудыты змаглі пабыць ў ролі такіх спецыялістаў, як карэктар і перакладчык. Але больш за ўсё дзецям спадабалася пісаць гусінымі і металічнымі пёрамі. Кожны змог адчуць сябе ў ролі сярэдневечнага перапісчыка.



Па заканчэнні мерапрыемства навучэнцы змаглі азнаёміцца з кніжнай выставай “Жыве ў вяках беларускае слова”, прысвечаная Дню беларускага пісьменства.


Бібліятэкар В. М. Сакалоўская