Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці
30 студзеня споўнілася 95 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча Івана Пятровіча Шамякіна. Напярэдадні юбілейнай даты загадчыца бібліятэкай імя У.Корбана Іна Барысаўна Дзярабіна падрыхтавала і правяла літаратурную гадзіну “Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці” для вучняў 11-га класа СШ №19.
Школьная праграма прадугледжвае знаёмства з творчасцю пісьменніка, аднак напярэдадні юбілею І.Шамякіна было нялішнім расказаць пра жыццё і творчасць гэтага вялікага пісьменніка больш падрабязна.
Іван Шамякін быў родам з вёскі Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Сям'я была бедная, і маленькаму Івану даводзілася ў дзяцінстве пасвіць кароў, дапамагаць бацьку-лесніку. Чытаць ён навучыўся яшчэ да школы. Літаратура прыцягвала хлопчыка: спачатку ён пісаў вершы, але пазней стала зразумела, што яго прызванне - гэта празаічны жанр. Год за годам з'яўляліся на свет яго кнігі: “Глыбокая плынь”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, аповесці “Трывожнае шчасце”, “Атланты і карыятыды”, “Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт” , “Палеская мадонна” і іншыя.
Іван Пятровіч Шамякін прайшоў вайну. У час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам гарматнага разліку. Пасля вайны працаваў настаўнікам, скончыў педінстытут. У час працы збіраў матэрыял для рамана пра беларускіх партызанаў «Глыбокая плынь». Раман выйшаў у 1949, у 2005 годзе быў экранізаваны.
У 1950 годзе Іван Шамякін скончыў вучобу ў Рэспубліканскай партыйнай школе. Працаваў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Советская Родина”. З 1954 года шмат гадоў працаваў намеснікам старшыні праўлення Саюза Пісьменнікаў БССР. У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Іван Пятровіч Шамякін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985). У 1971-1985 гады - старшыня Вярхоўнага Савета. З 1980-1992 год з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя».
Кнігі Івана Шамякіна сталі духоўным компасам беларускай нацыі. Яны нікога не пакідаюць абыякавымі. Іх адрознівае ясны гарманічны стыль. Пісьменнік любіў паказваць герояў чыстых, высакародных;герояў, якія вераць у ідэалы, у дабро. І сам ён быў такім - трохі наіўным, добразычлівым да людзей, верным у сяброўстве і ў каханні. Сення цяжка знайсці людзей, якія б не чыталі кніг народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.

Заг. бібліятэкай імя У.Корбана І.Б.Дзярабіна