Квітней, мой край
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі бібліятэкі імя М. Горкага правялі для выхаванцаў школьнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Оршы” пазнавальную гадзіну “Квітней, мой край, пад небам жураўліным”.
Мерапрыемства было прысвечана аднаму з найважнейшых дзяржаўных свят нашай краіны і стала для дзяцей займальным падарожжам па роднай Беларусі. Юныя госці бібліятэкі ўзгадвалі гісторыю сваёй Радзімы, знаёміліся з яе сімваламі, прыроднымі багаццямі і культурнай спадчынай. Па добрай традыцыі сустрэча пачалася з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Асабліва кранальным момантам стала тое, што дзеці не толькі слухалі яго стоячы, але і дружна спявалі разам, з радасцю і гонарам дэманструючы веданне слоў галоўнай песні сваёй краіны. Працягам мерапрыемства стала размова пра значэнне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь для кожнага беларуса і прагляду відэароліка “Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь”, які дапамог дзецям яшчэ глыбей адчуць гонар за сваю краіну.

Асаблівую цікавасць у ўдзельнікаў выклікала інтэрактыўна-гульнёвая праграма. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны “Што я ведаю пра Беларусь”, узгадвалі народныя прыказкі і прымаўкі, складалі краязнаўчыя пазлы, адгадвалі загадкі і правяралі сваю эрудыцыю ў гульні “Веру – не веру”. Кожнае новае заданне ператваралася ў маленькае адкрыццё, а шчырыя эмоцыі і жывы водгук дзяцей паказалі, наколькі блізкай і цікавай для іх аказалася тэма роднага краю. Кранальным завяршэннем сустрэчы стала творчая акцыя “Жураўлінае неба”. Пад музычнае суправаджэнне дзеці пісалі на папяровых жураўліках добрыя пажаданні сваёй краіне і размяшчалі іх на агульным плакаце. У гэты момант кожны змог выказаць свае пачуцці да Беларусі, пажадаць ёй міру, дабрабыту і росквіту. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Мая Беларусь!
Мы ганарымся табой і шануем”. Яркія, маляўнічыя выданні пра прыроду, гісторыю, традыцыі і славутасці нашай краіны адразу прыцягнулі ўвагу юных чытачоў. Дзеці з вялікай цікавасцю гартавалі кнігі, разглядалі ілюстрацыі, дзяліліся ўражаннямі і задавалі пытанні. Некаторыя выданні настолькі спадабаліся юным наведвальнікам, што яны ўзялі іх дадому для далейшага чытання. Пазнавальная гадзіна яшчэ раз нагадала ўдзельнікам, што любоў да Радзімы пачынаецца з ведання яе гісторыі, павагі да традыцый і гонару за сваю краіну. А жураўлікі з дзіцячымі пажаданнямі, што ўзняліся ў сімвалічнае неба Беларусі на плакаце, сталі сімвалам шчырых пачуццяў да Беларусі і веры ў яе светлую будучыню.
Бібліятэкар В. В. Ільінцава