Маёй сілы крыніца
3 ліпеня ўся наша краіна адзначае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Менавіта ў гэты дзень падчас Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” сталіца Рэспублікі Беларусь, горад-герой Мінск, была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі імя У.С. Караткевіча была арганізавана кніжная выстава “Маёй сілы крыніца – родны край – Беларусь”.
1 і 2 ліпеня, чытачы і госці дзіцячай бібліятэкі імя У.С. Караткевіча мелі магчымасць прыняць удзел у гульне-віктарыне “Беларусь. Гісторыя і сучаснасць”. Як добра вы ведаеце краіну, у якой жывяце, ці рэгіён, які марыце наведаць? Ці гатовыя вы з ходу назваць дакладны год заснавання найстарэйшага горада Беларусі, успомніць імя першадрукара або адгадаць брэнд па першым культавым самазвале? Даведацца адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні хлопчыкі і дзяўчынкі маглі, выкарыстоўваючы настольную гульню “Беларусь. Гісторыя і сучаснасць”.



Інтэлектуальная гульня-віктарына даказвае: нашай гісторыі і культуры ёсць чым здзівіць нават самых спрактыкаваных знаўцаў. Гэта не проста каробка з карткамі, а сапраўдны партал у часе, які злучае вялікае мінулае і сучаснасць сінявокай краіны. Адказваючы на пытанні, удзельнікам прыйшлося ўспомніць старонкі гісторыі нашай дзяржавы, яе культуру, геаграфічнае становішча, абласныя гарады, турыстычныя мясціны, азёры, рэкі, а таксама прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету. Гульня наглядна паказала эрудзіраванасць нашых чытачоў і іх шчырае каханне да Радзімы.



Бібліятэкар Руклінская А.Л