Чытаем родныя радкі
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, Барздоўская сельская бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на цікавыя мерапрыемствы, якія праходзілі ў рамках акцыі “Размаўляем на роднай мове”. Чытачам бібліятэкі была прапанавана цікавая кніжная выстава-настрой “Роднай мовы пералівы”, якая адлюстроўвала амаль усе аддценні роднага слова. Кожны жадаючы змог прачытаць любімыя радкі на беларускай мове і сфатаграфавацца. Трэба адзначыць, што ў гэты дзень гаспадыня бібліятэкі - Тамара Іванова, сустракала чытачоў у беларускім нацыянальным адзенні і цэлы дзень у бібліятэцы гучала родная беларуская мова.
Для чытачоў-знаўцаў беларускай мовы – вучняў 7,5 класаў ДУА “Барздоўская дзіцячы сад - сярэдняя школа Аршанскага раёна” была падрыхтавана цікавая віктарына “Беларуская скарбонка”. Школьнікі прынялі ўдзел у гульні “Багата ты, родная мова”, правільна адказвалі на пытанні моўнай віктарыны “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”. Пераможцы мерапрыемства: У.Тулоўская, М.Сасноўская, К.Яскевіч былі ўзнагароджаны невялікімі сувенірамі.

Свае любімые беларускія вершы прачыталі: Т. Іванова, А.Карнілава, К.Яскевіч.


Для таго, каб дзеці памяталі родную мову і не забывалі размаўляць на ёй, быў прапанаваны “Моўны рамонак”. Кожны ўдзельнік мерапрыемства напісаў на ім сваё любімае беларускае слова. Прыемна адзначыць, што слова “Радзіма” было напісана некалькі разоў.

Бібліятэкар Тамара Іванова