Шануйце роднае слова!
16 лютага ў Цэнтральнай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Каля агню роднай мовы”, прысвечаная Году малой радзімы і роднай мове. Удзельнікі народнага клуба ветэранаў “Ещё не вечер” падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму: гучалі песні, вершы на беларускай мове, дэманстраваліся тэатралізаваныя сцэнкі. Мерапрыемства адкрыла вакальная група “Сударушки” з песняй “Песня сяброў” (словы і музыка Т.М.Краеўскай).

Народная артыстка Чачэна-Інгушэціі Шылава Валянціна выканала песні: “Купалінка”, “За вочы чорныя”.


У выкананні Сяргея Худалеева прагучала песня “Рушнікі”.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі, спявае песні, чытае вершы. Шафранскі Уладзімір выканаў песні: “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Радзіма мая дарагая”.

Прыгожае гучанне роднага слова кожны з нас пачынаў успрымаць з матчыных песень. Скарадуля Валянціна выканала песню “Песня маці”, а танцавальная група “Супер Star” - беларускі народны танец “Пляскач”.


Мова – душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця народа, наш галоўны нацыянальны скарб. Як прыемна пачуць вершы, напісаныя аршанкай Тамарай Краеўскай: “Родная мова”, “Караткевічу”. Многія яе вершы настолькі мелагучныя, што складаюцца ў песні. Адна з іх - “Ганаруся” і прагучала на мерапрыемстве ў выкананні аўтара.

Лобава Гульнара вельмі яскрава выканала песню “Аве Мария”, а Насовіч Майя выканала песню на верш Максіма Багдановіча “Зорка Венера”. Дуэт ў складе Сяргея Худалеева і Ганны Атрашкевіч выканаў песні “Беларусачка” і “Рушнікі”.


Гумарыстычная тэатралізаваная сцэнка, якую паказалі Ганна Анучына і Лідзія Цяглава даставіла задавальненне ўсім прысутным.

Кіраўнік клуба Ніна Петрачэнка была не толькі бліскучай вядучай, якая вяла ўсю праграму на роднай мове, але і таленавітай танцоркай.


Хочацца прывесці словы Максіма Танка: “…Нашу беларускую мову не раз спрабавалі знішчыць, але ж данеслі яе да нас продкі. Няма ніводнага вобраза, з’явы, пачуцця, якіх не змагла б перадаць нам наша мова. Яна самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса...”. Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы, размаўляйце на роднай мове з прыветнай ўсмешкай, з пяшотай на вуснах, далучыцеся да духоўнай культуры беларускага народа!

Загадчык адзела абслугоўвання і інфармацыі Фядосава Алена