Проза твая, нібы мёд, залатая
У студзені адбылося пасяджэнне народнага аматарскага сямейнага клуба “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба. Мерапрыемства “Проза твая, нібы мёд, залатая. Вершы твае, як сузор’е раслін” было прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння Янкі Сіпакова. Кіраўнік клуба Галіна Мікалаеўна Ярмошкіна пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, паэта, перакладчыка – Івана Данілавіча Сіпакова, уражэнца в. Зубрэвічы Аршанскага раёна. Госці былі здзіўлены тым фактам, што аповесць “Даверлівая зямля” прысвечана калгаснікам в. Андрэеўшчына, працаўнікам былога калгаса “Бальшавік”, якім кіраваў сябар Я.Сіпакова Геннадзь Шведаў.
Уся творчасць гэтага вядомага аршанскага пісьменніка пранікнута вялікай любоўю да роднай зямлі і да беларускага народа, яна носіць павучальны і выхавальны характар.

“Адгукніся –
на стук у вакно асцярожны:
Дай вады,
Калі просіць яе падарожны;
Абагрэй,
Калі той скарчанеў на марозе,
накармі,
Калі доўга не еў у дарозе…”

“Зубрэвіцкая сага” – раман у апавяданнях, які пачынаецца з эпохі мамантаў і заканчваецца нашымі днямі, ён захапляе рамантыкай прыгод і кахання. Гаворачы аб смерці зубра Іван Данілавіч піша: “Відаць, і душа ў яго такая ж вялікая і такая ж магутная, як і у нас, беларусаў”.
З захапленнем член клуба А.Цітарэнка перадала змест апавяданняў “Клопат”, “Сіротка”. Прагучалі вершы “Жыццё”, “Слёзы маці”, “Лебядзіная вернаць”, “Шануйце зямлю”, “Матчына сэрца”, “Бабуля”, “Перамога” і многія іншыя, якія прачыталі Л.Гаранькова, А.Казлоў, В.Шыкота, С.Баннікава.
В.Мяльніцкая прачытала творы “Ноч”, “Успаміны А.Пушкіна”, вершы А.Блока ў перакладзе Я.Сіпакова з рускай мовы. Вераніка Анатольеўна праспявала ўсім песню “Лебядзіная вернасць”.

Развесялілі ўсіх гумарыстычнай сцэнкай “Навошта дражніць камара” муж і жонка Каралевічы. У сваіх творах Я.Сіпакоў паказаў сябе чалавекам, які добра ведаў свой народ, гісторыю свайго краю, якім можна толькі ганарыцца.

Члены клуба “Надзея” з цікавасцю працягваюць чытаць творы Я.Сіпакова і прапануюць іх сваім знаёмым.
Кіраўнік народнага клуба “Надзея” Галіна Мікалаеўна Ярмошкіна