Куточак зямлі, што Радзімай завецца
У кожнага чалавека, які меў шчасце нарадзіцца на гэтай зямлі, такой маленькай і неабдымнай, абавязкова ёсць свой прыгожы, ласкавы і непаўторны куток. Для нас гэта наша родная вёска Пішчалава. 2 ліпеня ў Пішчалаўскай сельскай бібліятэцы да Дня Незалежнасці і да Года гістарычнай памяці прайшло краязнаўчае падарожжа ў гісторыю вёскі Пішчалава "Куточак зямлі, што Радзімай завецца".
Пачалося падарожжа са знаёмства з краязнаўчымі матэрыяламі, прадстаўленымі на кніжнай выставе "У гэтым краі я жыву, гэты край я слаўлю". З цікавасцю слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі легенды аб паходжанні назвы вескі Пішчалава, знаёміліся з матэрыяламі пра мінулае вёскі і яе людзей, асаблівую цікавасць выклікаў аповед бібліятэкара аб героях Вялікай Айчыннай вайны, - як выхадцаў вёскі, так і воінаў, якія змагаліся за яе вызваленне.


Успомнілі і пра тое, што менавіта тут, на нашай пішчалаўскай зямлі прагучалі першыя залпы легендарных "Катюш". Расказала бібліятэкар і пра тых, хто пасля вайны шмат зрабіў, каб Пішчалава зноў адрадзілася... Іван Мікалаевіч Бондараў, Фёдар Мітрафанавіч Міхайлоўскі, Цімафей Емельянавіч Салтановіч, Ніна Фёдараўна Салтановіч і многія іншыя землякі - гонар нашай вёскі.


Асабліва прыемна і тое, што Данькоў Данік і Кітаева Даша знайшлі на выставе краязнаўчыя матэрыялы аб сваіх родных. З бібліятэкі дзеці прыйшлі да помніка, каб ўшанаваць памяць воінаў-землякоў і воінаў Чырвонай Арміі, загінуўшых пры вызваленні нашай вёскі, і ўскласці кветкі.



Пакуль ля абеліскаў будуць гучаць дзіцячыя галасы і маленькія ручкі будуць ускладваць кветкі - не згубіцца памяць народная і паняцце патрыятызму не застанецца у мінулым.
Бібліятэкар А. Дубашынская