Ён і сёння з намі, наш Купала…
2022 год вельмі багаты для Аршанскай зямлі на знакавыя падзеі і юбілейныя даты. Нездарма ў гэтым годзе горад Орша аб’яўлены культурнай сталіцай Рэспублікі Беларусь. У чэрвені і ліпені жыхары святкавалі 955-годдзе г.Оршы, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і асаблівай падзеяй ў святочным календары стала 140-годдзе з дня нараджэння знакамітага пясняра, класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Да гэтай падзеі Дзіцячая бібліятэка імя У.С. Караткевіча рыхтавалася загадзя. Былі запланаваны: шэраг кніжных выстаў, майстар-класы, лялечны спектакль.


Пясняр нарадзіўся ў незвычайны дзень. 7 ліпеня - дзень, калі дрэвы пераходзяць з месца на месца, жывёлы размаўляюць паміж сабой, у рэках можна ўбачыць русалак, якія плаваюць у крышталёва чыстай вадзе, а ў лесе можна знайсці папараць-кветку. Гэты дзень абвеяны такой колькасцю легенд і паданняў, як ні адзін іншы ў годзе, і ніхто не можа паручыцца, што з іх праўда, а што - выдумка.


Супрацоўнікамі чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі да гэтай даты арганізавана незвычайная выстава-крыжаванка “Ён і сёння з намі, наш Купала…”.


Чытачы Дзіцячай бібліятэкі імя У.С. Караткевіча з цікавасцю падыходзілі да кніжнай выставы, галоўнай мэтай якой было знаёмства з пісьменнікам праз крыжаванку. Хлопчыкам і дзяўчынкам не адказвалі ў дапамозе іх быцькі, бабулі і дзядулі, а таксама лепшыя сябры. Калі адказаць на пытанні не атрымлівалася, кожны ўдзельнік меў магчымасць адшукаць звесткі ў прадстаўленных на выставе кнігах. Яны дапамагалі знайсці правільныя адказы на ўсе пытанні, а таксама расказвалі чытачам шмат новага і цікавага з жыцця і творчасці знакамітага беларускага песняра.


Усе, хто выдатна выканаў заданне, атрымаў салодкую ўзнагароду.
Бібліятэкар Н.У. Нароўская