Спяшайцеся з паэтам стрэцца…
22 лiстапада навучэнцы 5-6 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 21 г.Оршы” (удзельнікі аб'яднання па інтарэсах “Знаўцы роднага краю” Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі) сустрэлiся ў бiблiятэцы імя М.Горкага, каб разам адсвяткаваць двайны лiтаратурны юбiлей падчас размовы-шанавання “О, край мой мiлы! Усёй душою хачу злучыцца я з табою…” да 140-годдзя з дня нараджэння Янкi Купалы і Якуба Коласа.
Каб наладзіць навучэнцаў на паэтычны лад мерапрыемства пачалося з песні “Мой родны кут” на словы Якуба Коласа ў выкананні Сяргея Валчкова. Пасля абмеркавання сэнсу гэтай песняй усе разам зазірнулі ў “Музычны слоўнік” і з дапамогай эпітэтаў апісалі музычны твор.


Частка сустрэчы традыцыйна прайшла ў форме інтэрактыўнага занятку, падчас якога вядучая Л. Л. Кейзер падзялілася цікавымі фактамі з біяграфіі беларускага класіка. Экскурсантам былі прадстаўлены мультымедыйная прэзентацыя і тэматычная кніжная выстава, у якіх адбіўся творчы шлях Якуба Коласа. У конкурсе “Вясёлы рыфмаплёт” вучні даведаліся, што такое рыфма і знайшлі іх вельмі шмат да прозвішча “Колас”, потым паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне, прысвечанай творчасці Я. Коласа.


Падчас “падарожжа” па будынку ўдзельнікі адшукалі карціны з партрэтам юбіляра.
Загадчык бiблiятэкай iмя М. Горкага Л. Л. Кейзер.