Зоркай свеціць імя тваё, Еўфрасіння
15 сакавіка ў рамках фестывалю праваслаўнай кнігі "Дарогамі праваслаўя" ў Бабініцкай сельскай бібліятэцы-клубе для вучняў 7 класа ДУА “Бабініцкая сярэдняя школа Аршанскага раёна” адбылася гістарычная гадзіна “Зоркай свеціць імя тваё, Еўфрасіння”, прысвечаная 850-годдзю прастаўлення Еўфрасінні Полацкай.
Еўфрасіння Полацкая – прадстаўніца хрысціянскага культурна-асветніцкага руху ў Полацкім княстве XII ст. Першая жанчына гэтага перыяду, далучаная да ліку святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Святаслава-Георгія, малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча. Выбрала шлях служэння Богу і народу. У манастыры перапісвала і распаўсюджвала кнігі Бібліі, адкрыла школы для дзяцей, пабудавала дзве царквы – Спаса і Святой Багародзіцы – у Полацку. Па яе загадзе майстрам Лазарам Богшам быў зроблены крыж – выдатны помнік прыкладнога мастацтва старажытнасці, названы пазней крыжам Еўфрасінні Полацкай.


Вучні пазнаёміліся з кніжнай выставай, паглядзелі слайд-прэзентацыю, адказалі на пытанні віктарыны, паспрабавалі перакласці стараславянскія словы на сучасныя. Вялікую цікавасць у школьнікаў вызвала заданне паспрабаваць сябе ў ролі перапісчыкаў, выкарыстоўваючы гусінае і сучаснае пяро. Завяршылася сустрэча віртуальным відэападарожжам па Сафійскаму сабору г. Полацка.




Бібліятэкар І.У. Манвелян