Купала заўсёды ў сэрцы маім
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае 1 ліпеня а 12 гадзіне на свята “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, якое прымеркавана да Дня нараджэння народнага паэта Беларусі і адбудзецца на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі” (Аршанскі раён, Віцебская вобласць). Музей пры падтрымцы аддзела культуры Аршанскага райвыканкама рыхтуе святочную праграму з удзелам паэтаў і пісьменнікаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, музычных калектываў і выканаўцаў.

Спецыяльны госць свята – Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга” з канцэртнай праграмай на словы Янкі Купалы. Сярод выступоўцаў: лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Наталля Тамэла і Дзімітрый Качароўскі.
Ганаровыя госці свята аддадуць даніну павагі класіку беларускай літаратуры і ўскладуць кветкі да помніка Песняру.
Свята ў Ляўках стане выдатным днём для сямейнага адпачынку ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў Беларусі! Кожны зможа адчуць мілагучнасць роднай мовы і атрымаць асалоду ад традыцыйных беларускіх і аўтарскіх песень, прыняць удзел у майстар-класе па пляценні купальскіх вянкоў.
Запрашаем усіх далучыцца ў Год міра і стварэння да мерапрыемстваў па ўшанаванні спадчыны першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.