Государственное учреждение культуры
«Оршанская централизованная библиотечная система»
www.orshalib.by Почтовый пер., д.2

Вход

Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах

Кожную першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Асноўная ідэя свята – беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, папулярызацыя нацыянальных культурных традыцый, падтрымка беларускай літаратуры і кнігавыдання.

Штогод фестываль прымае горад, які пакінуў яркі след у гісторыі, навуцы і культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета цэнтрам прыцягнення стаў гасцінны горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Варта адзначыць, што горад унікальны тым, што з'яўляецца радзімай цэлай плеяды беларускіх пісьменнікаў: А. Куляшова, І.Чыгрынава, В. Хомчанкі, А. Русецкага і А. Пісьмянкова.

5 і 6 верасня фестываль аб'яднаў літаратараў, выдаўцоў і ўсіх знатакоў роднага слова, а горад ператварыўся ў грандыёзны асветніцкі цэнтр. Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся». У аснове яе вобраза - лірыка народнага паэта Аркадзя Куляшова. На цэнтральнай плошчы горада разгарнуліся ўнікальныя экспазіцыі кнігі і прэсы, тэматычныя інтэрактыўныя прэзентацыі, павільёны Нацыянальнай бібліятэкі і вядучых беларускіх выдавецтваў. Для ўдзельнікаў і гасцей свята былі арганізаваны майстар-класы, інтэрактыўныя гульні, віктарыны.

У тэматычным павільёне «Музей рэдкай кнігі» наведвальнікі змаглі ўбачыць сапраўдныя скарбы: ад старадаўніх фаліянтаў і факсімільных копій да маленькіх мініяцюрных выданняў, сабраных з розных куткоў краіны і  прадстаўленых Нацыянальнай бібліятэкай, Прэзідэнцкай бібліятэкай, Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна і многімі іншымі. Супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна: Алена Фядосава і Валянціна Самонава сталі актыўнымі ўдзельнікамі фестывалю і прывезлі ўнікальную калекцыю кніг Янкі Сіпакова, рукапісы, яго асабістыя рэчы і кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Наведвальнікі змаглі не толькі ўбачыць творы нашага земляка, але і літаральна дакрануцца да гісторыі жыцця пісьменніка. Рады, што змаглі падараваць гасцям свята магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю нашага выдатнага земляка. 

 Праграма фестывалю падарыла магчымасць пагутарыць з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, задаць пытанні, абмеркаваць творчасць, а таксама атрымаць аўтограф на кнізе.  Аб сваіх працах, творчым шляху  расказалі Т. І. Краснова-Гусачэнка,  В. В. Калтуноў, У. М.  Мазго, Вольга Бялова і іншыя.

Завяршэнне фестывалю ў Касцюковічах пакінула пасля сябе прыемнае ўражанне ад яркіх мерапрыемстваў, а таксама глыбокае ўсведамленне таго, што культура - гэта падмурак, на якім будуецца будучыня краіны. Дзень беларускага пісьменства чарговы раз пацвердзіў: пакуль мы чытаем, пішам і беражліва захоўваем свае традыцыі, наша духоўная спадчына будзе заставацца невычэрпнай крыніцай сілы і натхнення для новых пакаленняў. І хай эстафета свята ўжо перададзена наступнаму гораду, святло, запаленае ў гэтыя вераснёўскія дні, будзе саграваць сэрцы беларусаў яшчэ доўга, нагадваючы пра тое, як важна заставацца вернымі свайму слову і сваёй гісторыі.

Бібліятэкар ААіІ Валянціна Самонава

 

 

Поделиться
Используя данный сайт, вы даете согласие на использование файлов cookie.
Отключить cookies Вы можете в настройках своего браузера. Подробнее...
Согласен